Барберы, цырульнікі, парыкмахеры – хто каго лячыў і стрыг у Гродне 400 гадоў таму
10 января 2017

Сёння нярэдка даводзіцца чуць словы барбер або барбершоп, якія ўжо па-троху прыстасаваліся і ў беларускай мове. Барада, перажыўшы цяжкія часы ў ХХ ст., паспяхова вяртаецца ў стыль еўрапейскага мужчыны, пачынаючы ад моднага хіпстарства і заканчваючы строгім дзелавым стылем. Але ў Гродне барберы — зусім не навінка, бо былі яны тут ужо чатыры стагоддзі таму.

Аўтар: Андрэй Мяцельскі

Для рускай мовы слова “барбер” нязвыклае. Як напісана на адным расійскім “барберскім” сайце: “не столь давно в России стала прославленной и популярной профессия барбера. История ее появления уходит корнями в западную культуру и традиции прошлых десятилетий и даже веков”.

Барберы XVI стагоддзя лячылі раны

А вось у Беларусі барберы вядомыя з XVI cт. Толькі барберы не стрыглі людзей, а лячылі раны, замяняючы лекараў і хірургаў. Барбер мог пусціць кроў (ці не галоўны метад лячэння ў сярэднявеччы), паставіць піявак, прамыць і падшыць рану, паставіць банкі. Таксама выконваў нейкія простыя хірургічныя аперацыі, накшталт выдзірання зуба. Гэта зразумела, бо лекары з універсітэцкай адукацыяй у тыя часы былі толькі ў каралёў, біскупаў і магнатаў.

Сярэднявечны барбер пушчае кроў

Сярэднявечны барбер пушчае кроў

У панядзелак 17 лютага 1556 г. у Гродне пабіліся Фёдар Сасін і Андрэй Нікіфаровіч. Апошні пацярпеў значна больш і звярнуўся ў суд за кампенсацыяй у памеры дзве капы грошай (4 злотых або 120 грошай) “за барберство”. Гледзячы па ўсім Нікіфаровіч пацярпеў досыць моцна, паколькі першы вядомы гродзенскі барбер Ян у 1540–1541 гг. браў за лекаванне ранаў у сярэднім каля дваццаці грошай.

“Барбер” ператварыўся ў “цырульніка”

Ужо да сярэдзіны XVII ст. тэрмін “барбер” у Гродне замяняецца паняццем “цырульнік”. Цырульнік таксама быў пераважна лекарам, бо і само слова цырульнік – гэта перакручанае лацінскае “хірургіо”. У 1650 г. у горадзе паўстаў цырульніцкі цэх, які праіснаваў цэлае стагоддзе. Цырульнікамі былі збольшага яўрэі, якія жылі на пляцах гродзенскага замка.

Цырульнік

Цырульнік

У ХІХ ст. прафесія цырульніка паступова пачала прыходзіць у заняпад, паколькі збольшага самавучак-цырульнікаў пачалі замяняць прафесійныя лекары. З іншага боку ў рускамоўнае асяроддзе з нямецкай мовы прыйшло слова парыкмахер, якое абазначала выключна чалавека, які займаўся брыццём барады і стрыжкай валасоў.

Гарадская дума займалася правіламі стрыжкі

Пад канец ХІХ ст. ўлады пачалі акуратна сачыць за гігіенай у рабоце парыкмахераў. Напрыклад Гродзенская гарадская дума ў 1892 і 1899 гг. выдала два пастанаўленні аб правілах стрыжкі людзей.

screenshot_2

У міжваенны час у Гродне было некалькі дзясяткаў цырульнікаў, самым папулярным з якіх быў Ісак Мееровіч, які перажыў вайну і працаваў да апошняга дня. У пачатку 1960-х гг. ягоным працоўным месцам была стыльная цырульня насупраць дома прафсаюзаў а таксама невялічкі будынак на прывакзальнай плошчы.

Прывакзальная плошча 1963 г. У драўляным дамку цырульня Мееровіча. Фота Віктара Саяпіна.

Прывакзальная плошча 1963 г. У драўляным дамку цырульня Мееровіча. Фота Віктара Саяпіна.

Паход да цырульніка-парыкмахера – гэта было стыльна

Уявіце: белыя чысцюткія простыні, якімі накрывалі наведвальніка, прыемныя размовы з цырульнікам і абавязкова небяспечная, або клінковая, брытва, якую тачылі пры помачы спецыяльнага скуранога ляза.

Кожны паважаючы сябе спадар у міжваенныя гады завітваў галіцца да “свайго” цырульніка. Вось як успамінаў пра гродзенскую цырульню віленскі журналіст Юзаф Мацкевіч: “паварочваю на вуліцу Найдуса і заходжу да цырульніка яўрэя: – Паважаны спадар! – шургаціць крэслам. – Я вас ужо галіў. Мяне не кранула яго памяць. Гэта рытарычная фраза. Так ён казаў бы, калі б я галіўся першы раз у жыцці”.

Сёння небяспечныя брытвы – толькі са зменным лязом

Сёння ў цырульні карыстацца традыцыйнай небяспечнай брытвай нельга. Для гэтага патрэбная досыць грунтоўная практыка, але галоўнае, што брытвы абавязкова трэба стэрылізаваць, а легіраваная сталь традыцыйнай брытвы ад такой працэдуры псуецца.

Добрыя барбершопы, у тым ліку гродзенскія, карыстаюцца заменнымі клінкамі небяспечных брытваў, але, як кажуць, “кайф ужо не той”. Але, у рэшце рэшт, кожны можа набыць клінковую брытву і патрэніравацца на ўласнай шыі. У інтэрнэт-крамах небяспечная брытва каштуе ад 40 да 170 беларускіх рублёў! Толькі належным чынам затачыце брытву, бо зарэзацца тупым лязом значна прасцей, чым вострым.

Другие новости
Отзывы
Здесь ещё нет комментариев. Стань первым!
Тэги
Система Orphus